ТАРФЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна паліўнай прамысловасці па здабычы і перапрацоўцы торфу. Асн. прадукцыя: фрэзерны і кускавы торф, тарфяныя брыкеты, арган. ўгнаенні, торф на подсціл с.-г. жывёле і для хім. перапрацоўкі.

На Беларусі прамысл. здабыча торфу пачалася ў 1896 для патрэб шклозавода ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), у 1899 — паблізу г. Гомель для гомельскіх цагельняў. Торфабрыкет пачалі вырабляць у 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н). Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі радовішчаў Дымаўшчына (каля г. Віцебск), Гразкі (Гомельскі р-н), Котуш (каля г. Магілёў), пры шклозаводзе «Труды» (Полацкі р-н), Ноўка (Віцебскі р-н), пад Мінскам. У 1920—40 дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн. т торфу, яго ўдз. вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У 1950—60 пабудаваны буйныя прадпрыемствы Т.п.: «Светлагорскае» і «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Рэдкі Рог» і «Дняпроўскае» ў Магілёўскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай, «40 гадоў БССР» у Гродзенскай, «Бярэзінскае», «Смалявіцкае», «Чысцік» у Мінскай, «Дабееўскі Мох», «Віцебскае» і інш. ў Віцебскай абл. Да 1960 торф заставаўся acu. відам паліва, на ім працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдз. вага ў паліўным балансе склала 39,5%. З канца 1970 у сувязі з выкарыстаннем больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадукты, прыродны газ) здабыча торфу на паліўна-энергет. мэты змяншаецца, удз. вага ў паліўным балансе 0,8% (1985). Адначасова расце здабыча торфу для патрэб сельскай гаспадаркі. У 2000 у Рэспубліцы Беларусь 37 прадпрыемстваў Т.п., найб. значныя: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог» «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усяж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абл.

Т.п. найб. развіта ў Расіі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Ірландыі. Гл. таксама Торфаздабыча, Тарфяны кадастр.

П.​І.​Рогач.

Здабыча торфу і вытворчасць торфабрыкетаў на Беларусі, тыс. т
1990 1995 2000
Здабыча паліўнага торфу 3438 3145 2023
Здабыча торфу для сельскай гаспадаркі 12 304 961 188
Вытворчасць торфабрыкетаў 2071 1535 1257

т. 15, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)